ІНСТЫТУ́Т МАЛЕКУЛЯ́РНАЙ І А́ТАМНАЙ ФІ́ЗІКІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1992 у Мінску на базе шэрагу падраздзяленняў Ін-та фізікі імя Б.І.Сцяпанава. У ін-це 9 лабараторый, 1 аддзел і 1 група (1998); аспірантура; савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: малекулярная спектраскапія, фізіка плазмы і плазменныя тэхналогіі, метады і апаратура атамна-малекулярнага аналізу і дыягностыкі. Асн. вынікі навук. даследаванняў: выяўлены і вывучаны шэраг якасна новых генерацыйных з’яў, звязаных з праяўленнем у лазерах розных тыпаў анізатрапіі, на аснове чаго развіты і рэалізаваны высокаэфектыўныя ўнутрырэзанатарныя метады кіравання параметрамі генерыраванага выпрамянення; прапанаваны прынцыпы і развіты метады палярызацыйнай лазернай спектраскапіі, якія знайшлі выкарыстанне для вымярэння спектраскапічных канстантаў рэчыва, вызначэння структуры спектральных ліній і вывучэння анізатропных уласцівасцей асяроддзяў. Вывучаны: дынаміка вярчальнага руху электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул у газавай фазе; фізіка ўзаемадзеяння эл.-магн. хваль з плазмай; фізіка плазмадынамічных працэсаў пры лазерна-плазменным уздзеянні на розныя матэрыялы; шматфункцыянальныя структурна-арганізаваныя сістэмы на аснове тэтрапірольных злучэнняў і паказана перспектыўнасць іх фіз.-хім. і біял. дастасаванняў. Ін-т выдае міжнар. час. «Журнал прикладной спектроскопии» (з 1964). У ін-це працавалі акад. АН Беларусі Г.П.Гурыновіч, М.А.Ельяшэвіч; працуюць акад. Нац. АН Беларусі М.А.Барысевіч, В.С.Буракоў, А.П.Вайтовіч, чл.-кар. К.М.Салаўёў, В.А.Таўкачоў.
І.У.Філатаў.
т. 7, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)